«Мы заслугоўваем такія вынікі». Беларускія «пляжнікі» узбударажылі Еўропу — Offside.by
«Мы заслугоўваем такія вынікі». Беларускія «пляжнікі» узбударажылі Еўропу

Дзве перамогі над чэмпіёнамі свету – гэта вам не жарты. А пакуль футбалісты вярнуліся дадому.

 

Зборная Беларусі па пляжным футболе бліснула на этапе Еўралігі ў Шыафоку. Каманда ехала на турнір з адной глабальнай мэтай – прабіцца ў Суперфінал. Для гэтага напэўна хапіла б і адной перамогі, дзьвух – стоадсоткава. Аднак беларусы, здаецца, здзівілі і саміх сябе. Чэмпіёны свету 2011 і 2013 гадоў – расіяне – наогул ані разу ня здолелі  патрапіць у нашу сетку  (рэдкі выпадак для пляжнага футбола!) – перамога беларусаў 2:0. Але і гэта быў яшчэ не пік. На наступны дзень былі бітыя дзечыя чэмпіёны свету партугальцы – 4:2! Абыграць больш падатлівых румынаў было ўжо справай тэхнікі – 8:4, і першае месца на ўсім этапе наша.

Вяртанне на радзіму адбылося на наступны дзень. «Мінск-2» толькі-толькі візуальна абнавіўся – «Белавія» прэзентавала новы дызайн самалётаў, і ўсё вакол мела бела-блакітную расфарбоўку.

Рэйс з Будапешта затрымаўся на паўгадзіны, таму лідары Ігар Брышцель, Вадзім Бокач, Дзмітры Камзолаў, а таксама трэнер Уладзімір Сарачынскі, паспеўшы прыняць хуткія віншаванні, аператыўна пакінулі аэрапорт – «На маршрутку спазняемся».

Футбалісты адзін за адным з’яўляліся з дзвярэй першага «гейта», а потым з’явіўся Ён – той самы кубак, за які вялася такая ўпартая барацьба. «Будзе выдатнае ўпрыгожванне ў музей», –  адзначылі хлопцы.

Як вядома, з новага сезона са зборнай Беларусі працуе бразільскі трэнер Марка Актавіа. З камандай сваёй радзімы ён шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам свету, выйграваў Еўралігу з партугальцамі, быў наймацнейшым у Азіі з Іранам … Калі праводзіць аналогію з вялікім футболам, то ў свеце «бічсокера» Марка – не меньш як Вісэнтэ дэль Боске або Марчэла Ліпі. Адолеўшы доўгі шлях і нават напісаўшы некалькі спецыялізаваных кніг, Марка прыйшоў тварыць справы ў зборнай Беларусі. Першыя поспехі ўжо ёсць.

— Адчуваю сябе вельмі шчаслівым, вельмі ганаруся сваімі гульцамі. Мы дасягнулі неверагоднага, гістарычнага выніку для беларускага пляжнага футбола. Перамагчы ў Еўралізе апанентаў узроўню Расіі, Партугаліі, выйграць тры матчы – гэта дарагога варта. Усе сусветныя выданні, прысвечаныя пляжнаму футболу, пісалі пра нашу перамогу ў захопленых тонах. Ніхто не чакаў, што Беларусь здолее перамагчы такіх супернікаў. Гэта паказвае, што мы рухаемся ў правільным накірунку і павінны працягваць тварыць новыя дасягненні беларускага бічсокера.

З «моцнымі гэтага свету» вельмі цяжка змагацца. У лепшыя зборныя Еўропы прыцягваюцца сур’ёзныя інвестыцыі, федэрацыі ўкладаюць значныя сродкі. І на Еўралізе мы выйгралі чатыры матчы з шасці, прайграўшы толькі італьянцам і гішпанцам у адзін мяч. І зараз у нас ёсць канкурэнтаздольная каманда, якая можа перамагаць любыя зборныя.

— Мы выканалі ўсё тое, што патрабаваў ад нас галоўны трэнер, — гаворыць брамнiк Валеры Макарэвіч. — Такіх пачуццяў ад пляжнага футбола, здаецца, яшчэ не было ні ў кога з нас. Гэта вельмі прыемна. Хацелася, каб такое было як мага часцей. Каб мы ехалі не за адной перамогай, а заўседы мелі вось такі настрой.

Самі ад сябе чакалі такога?

— Не задумваўся аб гэтым. Па-першае, ставілі мэту трапіць у Суперфінал. А далей – як атрымаецца. І ўсё атрымалася годна. Абыгралі расіян, чэмпіёнаў свету партугальцаў… Вядома, было вельмі цяжка. Хаця Расія была ў эксперыментальным складзе, іх гульцы таксама вельмі моцныя, яны хацелі паказаць сябе. А ў матчы з партугальцамі перамаглі нейкім цудам. Дзякуй усім, хто змагаўся. Гэта надоўга з намі застанецца. Намаганнямі ўсіх футбалістаў мы прыйшлі да поспеху.

Здавалася, што наша гульня была даволі простай. Кідок галкіпера – адразу ўдар нападаючага ў адзін-два дотыкі.

— Гэта толькі на першы погляд усё так проста. Важна арганізавана дзейнічаць у абароне. Наогул гэта былі два розных матчы. Адна з таямніцаў гульні з такімі моцнымі супернікамі – як мага шчыльней з імі дзейнічаць і спадзявацца на контратакі, якія ў нас атрымліваліся. У паядынку з партугальцамі мы пачыналі атаку па сістэме 3-1, і тры іх форварды таксама высоўваліся на нашых абаронцаў. Таму было даволі проста – трэба было карыстацца здольнасцямі нашых нападаючых, Брышцеля і Самсонава, і даводзіць да ніх мяч для барацьбы адзін у адзін.

Прыемна адзначыць, што беларусы дасягнулі поспеху і ў асабістых намінацыях. Валеры Макарэвіч быў прызнаны найлепшым галкіперам турніру, а Ігар Брышцель з шасцю галамі стаў найлепшым бамбардзірам этапу.

— Заўсёды прыемныя такія дасягненні, — гаворыць Макарэвiч. — Адное – калі ты найлепшы кіпер чэмпіянату Беларусі, зусім іншае – быць прызнаным у Еўропе. Але не першы раз скажу – гэта справа ўсёй каманды. Гэта пляжны футбол – абараняецца і атакуе ўся пяцёрка. Дзякуй хлопцам: яны, як і я, добра выконвалі свае абавязкі. Яны пільна ахоўвалі супернікаў і не давалі ім прасторы.

— Вельмі шчаслівы за хлопцаў, — уторыць свайму кіперу Марка Актавія. — З нашага красавіцкага кэмпу ў Санкт-Пецярбургу яны вельмі шмат працавалі і заслужылі гэтыя ўзнагароды. Макарэвіч і Брышцель крочаць да таго, каб быць найлепшымі ў свеце. І мы імкнемся развіваць кожнага гульца, а каманда Беларусі моцная менавіта як калектыў.

***

Зараз на павестцы дня – Суперфінал Еўралігі. Ён адбудзецца 25-28 жніўня ў італьянскай Катаніі. Восем зборных пазмагаюцца за званне наймацнейшай у Старым Свеце. Спачатку каманды правядуць па тры матчы ў квартэтах, а потым у стыкавых паядынках вызначаць уладальнікаў першага, трэцяга, пятага і сёмага месцаў. Супернікі беларусаў ужо вядомыя –  гэта Гішпанія, Украіна і Германія.

— Можа здацца, што нам дасталася лёгкая група, — каментуе расклад Макарэвіч. — Але ў нас даволі таленавітыя супернікі, перш за ўсе гішпанцы. Тыя ж немцы, быццам аўтсайдары, могуць папорціць усім нервы. Гэта накладае адбітак. Будзьма змагацца за першыя два месцы ў групе. А расіяне, італьянцы, партугальцы і швейцарцы, з паралельнага квартэту, могуць адбіраць балы адзін у аднаго.

Зараз у еўрапейскім футболе ёсць 10-12 каманд, якія рэальна здольны прэтэндаваць на прызавыя месцы, — кажа Марка Актавіа. — Мы паважаем усіх апанентаў па Суперфінале. Не сумняваемся, што нам будзе вельмі складана, але трэба дэманстраваць усё лепшае, што ў нас ёсць, каб беларускія заўзятары маглі намі ганарыцца.

У гэтым сезоне беларусам трэба будзе правесці, акрамя Суперфіналу, яшчэ і кваліфікацыю чэмпіянату свету. У сувязі з гэтым пытанне: у Шыафоку нашы хлопцы паказалі свой максімум, ці мы здольныя на большае?

— Лічу, што BSWW у прынцыпе склала вельмі няўдалы каляндар. Два топ-спаборніцтвы запар! Не разумею, навошта яны так зрабілі. Любой камандзе свету вельмі складана змагацца на адным турніры, а праз тры дні ехаць на іншы, яшчэ больш важны… Гэта дрэнная праца складальнікаў календара, дрэннае разуменне футбола. Але гэта правілы, якім мы павінны падпарадкоўвацца. Трэба імкнуцца дамагацца максімуму на абодвух спаборніцтвах.

— Калі будзем працаваць так, як у Венгрыi – усё будзе добра, — падводзіць вынікі Макарэвіч. — На спаборніцтвах будзьма біцца за самыя высокія месцы. Гэты этап дадаў упэўненасці, што мы здольныя перамагаць наогул усіх, а не толькі прыгожа гуляць. Разлічваем на добры вынік – і мы яго заслугоўваем.